У 1968–1981 гг. і ў 1988 г. Тураўскі атрад археалагічнай экспедыцыі Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Пятра Фёдаравіча Лысенкі (начальнік атрада) і Таццяны Мікалаеўны Каробушкінай (старшы навуковы супрацоўнік) праводзілі археалагічныя раскопкі на Берасцейскім гарадзішчы. У працы атрада ў розныя перыяды ўдзельнічала вялікая група супрацоўнікаў аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР.
У арганізацыі і фінансаванні работ актыўны ўдзел прымаў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, а ў 1981 г. група яго супрацоўнікаў удзельнічала ў забеспячэнні археалагічных раскопак.
Раскопкі 1968 г. насілі разведвальны характар. Матэрыялы пошукавых шурфаў выявілі месцазнаходжанне дзядзінца Бярэсця і вызначылі тэрыторыю разбіўкі раскопу. З 1969 г. пачаліся рэгулярныя штогадовыя даследаванні дзядзінца, якія працягваліся да 1981 г. У 1988 г. ізноў была праведзена шурфоўка з мэтай лакалізацыі абарончага вала гарадзішча.
29 верасня 1970 г. распараджэннем Савета Міністраў БССР Бярэсце, як помнік археалогіі, было прынята пад дзяржаўную ахову.
За ўвесь перыяд раскопак была даследавана частка рамеснага квартала Бярэсця агульнай плошчай 1180 м². Былі выяўленыя 3 вулічныя маставыя, больш за 200 жылых і гаспадарчых пабудоў, каля 42 тыс. адзінак рэчавага матэрыялу розных катэгорый, 150 з якіх – унікальныя адзінкавыя знаходкі.