Агляд прывазных вырабаў паказвае, што Бярэсце мела гандлёвыя сувязі з Падняпроўем (гандлёвы цэнтр Кіеў), з Валынню, Прычарнамор’ем, Каўказам, Усходам, балтыйскімі і заходнееўрапейскімі землямі. Існаванне гэтых сувязяў пацвярджаецца знаходкамі лічыльных бірак, таварных свінцовых пломбаў, якія падвешваліся да пачкаў з таварамі і летапіснымі паведамленнямі аб адпраўцы з Бярэсця хлебных караванаў у землі яцвягаў.