Рыбалоўства ў Бярэсці было адным з пастаянных відаў промыслаў. У культурным слоі знойдзены косці і луска сома, ляшча, плоткі, сіляўкі, шчупака, акуня, ярша, ласося. Аб сеткавай лоўлі рыбы сведчаць знаходкі драўлянага абсталявання, на якім мацавалася сеткавае палатно, паплаўкоў, якія падтрымлівалі на плаву верх сеткі, свінцовых і гліняных грузілаў, якія адцягвалі ўглыб яе ніжні край, і боўталаў, з дапамогай якіх рыбу заганялі ў сеткі. Вудай лавілі на кручок. Для здабычы буйной рыбы ўжываліся гарпуны і восці.