Аб памеры буйной рагатай жывёлы можна меркаваць па навуковай рэканструкцыі шкілета каровы ХI-ХIII стст. Рост каровы ў карку вагаўся ў межах 100 см, у той час як рост сучаснай каровы вышэйшы і складае 135–140 см. Дробныя памеры і нізкая прадукцыйнасць гэтай жывёлы з’яўляліся непасрэдным вынікам неспрыяльных умоў утрымання, недахопу кармоў (зімой кармілі амаль выключна саломай). Рэканструкцыя шкілета сярэднявечнай каровы зроблена ў 1983 г. супрацоўнікам Ленінградскага заалагічнага музея, кандыдатам біялагічных навук Вадзімам Яўгенавічам Гарутам.