Да касцяных вырабаў высокамастацкага ўзроўню адносіцца навершша ручкі бізуна ў форме галавы каня. Галава і частка шыі выразаныя старанна і рэалістычна і ўпрыгожаныя складаным арнаментам. У роце выразаныя магутныя трохкутныя зубы. Вочы злёгку выпуклыя. Задні выпуклы бок шыі імітуе грыву. Уздоўж шыі ўнутры прасвідраваная адтуліна, у якую ўстаўляўся канец ручкі. Прамых аналагаў гэтай знаходкі ва ўсходнеславянскіх матэрыялах няма.