Акрамя скураного абутку, у Бярэсці былі знойдзеныя чахлы-сховы для нажоў – похвы, скураныя гаманцы, дэкаратыўная аплікацыя, дэталі конскай збруі, скураныя гузікі. Абавязковым атрыбутам касцюма берасцяніна быў пояс, на якім віселі скураныя похвы з нажом і скураны гаманец, дзе нашы продкі насілі грошы. Гаманцы былі невялікімі, мелі пераважна прамавугольную форму.