Адзенне берасцян было простым і практычным. Галоўнымі элементамі вопраткі былі доўгія кашулі з ільнянога даматканага палатна і паясное адзенне (андарак у жанчын і штаны ў мужчын). Кашулі шыліся ніжнія і верхнія. Рукавы былі доўгімі, у жаночых кашулях яны збіраліся каля запясця бранзалетамі.
На кашулю жанчына яшчэ апранала андарак або верхнюю кашулю. Андарак уяўляў сабой нясшыты кавалак тканіны, які завязваўся вакол пояса так, што краі разыходзіліся спераду, робячы адкрытым падол кашулі.
Мужчыны насілі ніжнюю і верхнюю кашулі на выпуск і абавязкова з поясам. Паясы вырабляліся з воўны або скуры. Яны былі плеценымі, вязанымі або тканымі. На паясах мацаваліся похвы мяча, гаманцы, ключы. Мужчыны апраналі нагавіцы, якія шыліся з аднатоннага палатна (зімовыя – з сукна). Мужчынскія нагавіцы запраўляліся ў боты або ўнізе былі закручаныя абмоткамі.
Верхняй вопраткай для жанчын і мужчын былі наплечныя пакрывалы, кажухі, футры. Наплечныя пакрывалы былі ваўнянымі, зашпільваліся фібуламі.
Жаночыя галаўныя ўборы ўжо ў той час строга залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. Замужняй жанчыне забаранялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Дзяўчаты насілі тканіцы, жанчыны апраналі чапец, а зверху яго – намітку (белае палатно, часта ўпрыгожанае арнаментам). Жаночыя галаўныя ўборы дапаўняліся металічнымі і шклянымі ўпрыгажэннямі. Мужчыны насілі шапкі з сукна або футра. На ногі абувалі поршні, мяккія туфлі, боты.
Адзенне аздаблялі розныя ўпрыгожванні. Звычайна іх насілі на святы і на ўрачыстасцях. Святочную вопратку ўпрыгожвалі арнаментам.