Берасцейскія майстры выраблялі прадметы для хрысціянскага набажэнства, жаночыя ўпрыгажэнні, атрыбуты касцюма і іншыя важныя для жыцця рэчы.
Самую шматлікую групу знаходак з каляровых металаў складаюць жаночыя ўпрыгажэнні – скроневыя колцы, пацеркі, прывескі, бранзалеты, вялікія і малыя пярсцёнкі. Рэдкая археалагічная знаходка – білонавы колт з сімвалічнай выявай зерня, якое прарастае. Колт належыць да ліку найбольш каштоўных і дарагіх упрыгажэнняў жаночага галаўнога ўбору. Унутры колт быў пустацелы, каб унутр можна было пакласці тканіну, змочаную духмянымі эфірамі.