Як ваенна-абарончы пункт Бярэсце займала важнае стратэгічнае становішча і кантралявала асноўныя водныя шляхі з поўдня на поўнач па Заходнім Бугу і з усходу на захад па Мухаўцы. Прыгранічнае становішча прыводзіла да пастаянных сутычак і нападаў і ставіла Бярэсце ў становішча цэнтра абароны навакольных тэрыторый. Паводле летапісных звестак у ХІ–ХІІІ стст. прасочваюцца пастаянныя паходы на Бярэсце польскіх, балцкіх і рускіх атрадаў.
Сведчаннем гатоўнасці берасцян даць адпор любому ворагу з'яўляюцца знойдзеныя прадметы ўзбраення. Ваенную калекцыю Бярэсця можна падзяліць на зброю блізкага бою (меч, дзіды, кісцяні, булавы), зброю далёкага бою (наканечнікі стрэл, лукі і арбалеты), ахоўнае ўзбраенне (кальчужныя і пласціністыя даспехі), рыштунак каня і вершніка (шпоры, страмёны, цуглі, скрэбніцы).